Суддзя Ленінскага раёна Мінска Навіцкая асудзіла сябра БХД Андруся Кашэўскага на 15 сутак зняволення. У судзе адмовіліся паведаміць, за што дакладана асудзілі Кашэўскага.

Сябра БХД са Смалявічаў Андрусь Кашэўскі быў затрыманы вечарам 3 сакавіка ў Менскім метро. Доўгі час прычына затрымання, а таксама месца знаходжання актывіста былі не вядомы, а ягоны мабільны тэлефон адключаны.

Як паведаміла прэс-служба БХД, па папярэдніх звестках ад самаго Андруся Кашэўскага, яго абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам. Практычна адразу юнака даставілі ў суд і асудзілі на 15 сутак. У сталіцы Андрусь займаецца распаўсюдам газеты «Народная Воля», але пад час затрымання ў яго пры сабе нумароў газеты не было.

Сябра БХД са Смалявічаў Андрусь Кашэўскі збіраўся балатавацца ў Жодзінскі гарсавет. Тым самым улады пазбавілі магчымасці патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў ад Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі своечасова здаць подпісы ў выбаркам дзеля рэгістрацыі, падкрэслівае прэс-служба БХД.