Спынена крымінальная справа па выкраданьню старшыні Маладога Фронту Зьмітра Дашкевіча.
Як паведаміла прэс-служба МФ, крымінальная справа прыпынена па п.1. ч.1 арт.246. У адказе за подпісам старшага дазнавальніка заводзкага РАЎС г. Менска Жабінскага А.М., таксама паведамляецца, што «комплеск апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на высьвятленьне асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынства, і пошук скрадзенай маёмасьці працягваецца».
«Не было адразу ніякіх спадзеваў, што пры дадзеным рэжыме гэтая крымінальная справа будзе мець іншы вынік» — пракаментаваў адказ міліцыянтаў старшыня МФ Зьміцер Дашкевіч.
Зьміцер Дашкевіч быў выкрадзены 5 сьнежня перад прэзэнтацыяй моладзевай кааліцыі «Новае пакаленьне». Аб 11 раніцы Зьмітра ля кватэры акружылі некалькі людзей у цывільным, заламалі рукі, вывелі на вуліцу й запхнулі ў «бусік». У Зьмітра забралі асабістыя рэчы, апранулі на галаву дзьве шапкі, некалькі гадзін вазілі ў машыне, пасьля пакінулі ў лесе пад Лагойскам.
09.03.2010
Спынена справа па выкраданьню Дашкевіча