Кандыдату ад дэмакратычных сілаў на выбарах 2008 і 2010 гадоў Рыгору Грыку, нягледзячы на бездакорную працу, адмовілі ў працягненні кантракта. 22 ліпеня адміністрацыя Баранавіцкага вагоннага дэпо спыніла працоўны кантракт з актывістам Руху “За свабоду” Рыгорам Грыкам.

Яшчэ 14 чэрвеня Рыгор Грык атрымаў пісьмовае паведамленне за подпісам начальніка Баранавіцкага вагоннага дэпо Мікалая Хвалея, што ў сувязі з заканчэннем кантракту 21 ліпеня ён будзе звольнены. Так і здарылася, нягледзячы на тое, што Рыгор Грык пісьмова звяртаўся да кіраўніцтва прадпрыемства з просьбаю аб падаўжэнні працоўнага кантракту.

Адміністрацыя Баранавіцкага вагоннага дэпо не можа дараваць мясцоваму актывісту прынцыповай грамадзянскай пазіцыі. Рыгор Грык прымаў актыўны ўдзел у выбарах у Баранавіцкі гарадскі Савет 25 красавіка 2010 года ад Руха “За Свабоду”. Апошняй кропляй сталася тое, што Рыгор Грык адмовіўся прызнаць траўму, атрыманую ім на прадпрыемстве, бытавой.

Баранавіцкі актывіст Руху “За Свабоду” Рыгор Грык ўжо трэці раз за апошнія два гады атрымаў папярэджанні аб непрацягненні з ім працоўнага кантракту.

Першы раз ён быў звольнены з Баранавіцкага баваўнянага камбіната пасля 17 гадоў сумленнай працы за тое, што прымаў удзел у выбарах ад апазіцыі ў Палату прадстаўнікоў у якасці кандыдата ў 2008 годзе. А падчас мясцовых выбараў у 2010 годзе Рыгор Грык пісаў заявы і скаргі ў пракуратуру, cтаршыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, дакументальна паказваючы як Баранавіцкая гарадская тэрытарыяльная камісія займаецца фальсіфікаяй мясцовых выбараў.