6 траўня Вярхоўны суд прыгаварыў Аўтуховіча да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўваньні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі. Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч мінулай ноччу пераведзены са сьледчага ізалятара № 1 у Менску ў івацэвіцкую калёнію, паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Волчак.
Волчак лічыць, што перавод Аўтуховіча ў Івацэвічы істотна ўскладніць магчымасьць аказаньня яму дапамогі стаматоляга, бо там можа не аказацца спэцыялістаў. Волчак не выключыў, што па гэтай прычыне Аўтуховіч зноў можа абвясьціць галадоўку.
Нагадаем, Аўтуховіч працяглы час безвынікова дабіваўся аказаньня яму мэдычнай дапамогі па пратэзаваньні зубоў. З 16 па 22 чэрвеня 2010 года ён праводзіў галадоўку. У выніку да яго былі дапушчаны спэцыялісты-стаматолягі.
Раней адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка заяўляў, што адпаведную стаматалягічную дапамогу яго падабароннаму могуць аказаць толькі ў Менску. «На час лячэньня Аўтуховіч павінен знаходзіцца ў сталіцы. Калі гэтага не адбудзецца, калі яго адправяць у калёнію, то паўнацэнная дапамога аказана не будзе. Тады Аўтуховіч можа аднавіць галадоўку, і я не выключаю, што ў гэтым выпадку яна будзе «сухой», — заявіў Сапелка.
У сваю чаргу Волчак лічыць, што Аўтуховіч падчас галадоўкі вырашае ня толькі свае праблемы, але і праблемы «ўсіх, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі, а гэта каля 37 тыс. чалавек».
«У нас людзі сядзяць у турмах па 10—15 гадоў і часта не могуць атрымаць такую ж мэдычную дапамогу, у якой мае патрэбу Аўтуховіч. Таму яго галадоўка важная і для іх», — сказаў Волчак.
47-гадовы Мікалай Аўтуховіч ужо неаднаразова праводзіў галадоўкі пратэсту. Адна з яго галадовак доўжылася з 16 красавіка па 16 ліпеня 2009 года. За гэты час Аўтуховіч схуднеў на 35 кг.