ПЦ «Вясна»

23 ліпеня судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда пад старшынствам Людмілы Грынько ўжыла да асуджанага прызыўніка Яўгена Якавенкі амністыю ў сувязі з 65-годдзем Перамогі, вызваліўшы ад крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад прызыву на вайсковую службу.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» лічыць, што існуючыя праблемы з альтэрнатыўнай службай і дыскрымінацыі беларускай мовы і ў далейшым будуць прыводзіць да крымінальнай пераследу прызыўнікоў. Праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка, якія назіралі за ходам крымінальнага працэсу, лічаць, што рашэнне судовай калегіі не вырашае праблемы па сутнасці.

- Пытанні вядзення справаводства на беларускай мове ў ваенкаматах і альтэрнатыўнай службы патрабуюць неадкладнага вырашэння ў нашай краіне, – кажа Л. Судаленка. – Калегія па крымінальных справах вынесла сёння кампраміснае рашэнне, вызваліла Яўгена Якавенка ад крымінальнай адказнасці, ужыўшы да яго амністыю. У той жа час пачнецца чарговы прызыў, ён запатрабуе позву на беларускай мове і альтэрнатыўнай службы і зноў будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

- Дзяржава не выконвае свае абавязкі, бо ў нас дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца дзьве мовы. Таму патрабаванні прызыўніка выпісаць яму позву на беларускай мове і даць магчымасць праходжання альтэрнатыўнай службы з’яўляюцца яго канстытуцыйным правам, – падкрэслівае А.Паплаўны.

У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і (або) руская. Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» вызначае, што ва Узброеных Сілах, іншых вайсковых фармаваннях Рэспублікі Беларусь ужываюцца беларуская і (або) руская мовы (артыкул 20).

А артыкул 57 Канстытуцыі гаворыць, што парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы альбо замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам. У 2000 годзе Канстытуцыйны Суд прыняў рашэнне, накіраванае на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай па рэлігійных перакананнях. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда гаворыцца, што Асноўны Закон не разглядае вайсковую службу ў якасці адзінай і безумоўнай, паколькі дапускае магчымасць вызвалення ад вайсковай службы альбо замену яе альтэрнатыўнай.

Нагадаем, што пасля вынясення прысуду судом Цэнтральнага раёна Гомеля 4 чэрвеня, ПЦ «Вясна» праінфармаваў Amnesty International аб пакаранні Яўгена Якавенкі за нібыта ўхіленне ад воінскай службы адным годам абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Уплывовая праваабарончая арганізацыя выступіла ў абарону асуджанага. Беларускія праваабаронцы неадкладна праінфармуюць Amnesty International і аб выніках разгляду касацыйнай скаргі Якавенкі Гомельскім абласным судом.